Раіса Баравікова
Калі зайграе марш вайсковы,
хаду супынім неўзнарок.
Мой бацька, быццам выпадкова,
кране нэрвова каўнярок.
Расшпіліць гузік, нібы цеснай
кашуля стала ў гэты міг.
Плыве мэлёдыя аркестра,
яе так многа на дваіх.
Яна сьвяточнасьцю абвее,
пасьля жалобаю дыхне
і з апантанасьцю завеі
галінку кволую сагне.
Ды вось ужо за паваротамі
нам чутны музыкі прыбой...
– Пад гэты марш калісьці рота
мая ішла ў свой першы бой!
З нас кожны думаў: давядзецца
дажыць да пераможных дат, –
прамовіць бацька, сьцепанецца,
нібыта ўбачыць тых салдат
ён у страі, за паваротам...
Далёка музыка гудзе,
а бацька бачыць сваю роту,
яна ў свой першы бой ідзе.
Ідзе ўсё тая ж, як калісьці,
ды не лягчэе на душы,
бо побач доўга кружыць лісьце
над абеліскам ля шашы.
Зьліваліся рукі ў бязьсільлі,
выразьней ня знойдзеш здымкаў!
А як жа вусны прасілі
мацьнейшага з моцных абдымкаў.
А як жа вусны шапталі,
такое гавораць аднойчы,
мы ў бераг мокры ўтапталі
юначай цнатлівасьці вочы.
І білася хваля аб хвалю,
пакуль зіхацелі зоры,
і пругкія грудзі хавалі
тых пацалункаў узоры.
Два целы ў салодкай стоме
болем акропваў золак,
выглянуў першы промень, –
здавалася, безьліч іголак
рассыпала полымя страсьці...
Такое бывае аднойчы,
а мне яшчэ б раз упасьці
у жвір той гарачай ночы.
Мо ад таго, што ён твой цёзка,
рукі яму не падала.
А толькі паглядзела дзёрзка
i ганарліва адышла.
А ноччу плакала ў падушку,
дзень сустракаючы раўмя,
i ён упарта мне на вушка
зноў паўтараў тваё імя.
Выходжу за Маскоўскую шашу
з букетам сьціплых кветак у прыполе.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
Глытаю цішу высьпелых раўнін,
мне не спазнаць ніколі настальгіі,
пакуль вакол трава, як шоўк тканін,
і васількі, як неба, дарагія.
Я не патраплю ў сонечны зеніт,
але ўпаду ад шчасьця на калені.
Раскалвайся, і сэрца, і граніт,
на тысячы пялёсткавых праменьняў.
Апошняй песьняй кветкі абдыму,
жыцьцё мае няроўны сьлед пакіне.
Ніколі, поле, ты ня вер таму,
хто скажа – безь цябе я не загіну.
Бывае, што прызнаньнямі грашу,
разьвітваюся бяз жальбы i болю.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
Завіталі апоўначы з шумам, са сьмехам.
Ты шапнуў мне з пapoгa вінавата: «Прабач!»
Для цябе гэта ноч, не інакш, як пацеха,
Для мяне – разьвітаньня нябачны трубач.
Ён іграе, іграе... Студзяць гукі далоні,
і адводзіш ты позірк, не глядзіш на мяне,
толькі госьця адна ў палахлівым палоне
з-пад брывоў сваіх тонкіх асьцярожна зірне.
Ды хіба ёй магчыма гэтым часам ня раньнім
разгадаць нашу тайну, зазірнуць у душу,
супыніся, трубач, не іграй разьвітаньне,
а сыграй нам сустрэчу, я вельмі прашу.
Весяліцеся, госьці, памяць шчодра частуе,
i пласьцінка, як здрада, чорным кругам мільгне.
Ну, няўжо мяне ўсьмешка мая не ўратуе,
ну, няўжо мае сэрца мацьней за мяне?!
Весяліцеся, госьці, ў гэтым доме ня плачуць,
тут з пласьцінкі сыходзяць весялосьці кругі...
Я хвіліну расстаньня гэтай ноччу адзначу
самай звонкаю песьняй бязь ценю тугі...
І ўсё ж нашу я ў сэрцы спадзяваньне,
што вернецца да берага паром,
таму не наракаю на расстаньне,
спакойная ўслухоўваюся ў гром,
бо ведаю: і той, другой, ня сьпіцца,
і бліскавіца ў тым акне ярчэй,
дык хай яна баіцца памыліцца –
у тых агнях агонь маіх начэй...
Я не пытаюся: чакалі – не чакалі
Ў сваім маленькім, чысьценькім пакоі.
Скажу наперад – каб не папракалі,
Прыйшла пазычыць цішыні, спакою.
Спакою на хвілінку, не на вечнасьць!..
Прыемна пасядзець крыху ў зацішку,
Адчуць цяпло i вашу чалавечнасьць,
Пагаварыць, пабыць хоць з вамі крышку.
Я адпачну, бо стомлена занадта,
А ваш пакоік ад турбот хавае,
У ім гучыць свавольная саната –
Яе мне вецер за акном сьпявае.
О, як тут ціха, дзіўныя малюнкі,
І строгія партрэты – ўсё ў маўчаньні.
Ад мітусьні шукала я ратунку –
Знайшла!
Не памагае!
У адчаі
Зноў сэрца пачынае маё біцца...
Спакой мне на хвілінку, не на вечнасьць,
Якімі б ні былі цяпло i чалавечнасьць.
Люблю у суботу быць дома,
Глядзець, як клапоціцца маці.
Ці бульба у печы гатова,
Ці проса сыпнуць кураняці?!
А к вечару ў вёсцы, вядома,
За пунямі лазьні курацца.
Як хораша прыцемкам дома
Гарачаю парай абдацца!
Прайсьціся сьцяжынкаю простай
У золкім тумане, а потым
Падгледзець, як парыцца порстка
У воблаках месяц употай!
Дабранач, мой звонкагалосы май,
чаромхі белай важкія букеты,
дабранач, малады вясновы гай –
таемны вартавы маёй планеты.
Дабранач, той гарэзьлівы хлапчук,
што будзе у вышынях зорных лётаць,
дабранач, стома спрацаваных рук
i Беларусі мройлівая лотаць.
Дабранач, векапомных дзён салдат
i зоры абеліскаў збранзавелых,
дабранач, першы высевак зярнят
i тапалёвы пух над полем белы.
Дабранач, мой каханы чалавек,
няхай цябе у снах тваіх люляе
цяпло мае, адданае павек,
і радасьць, што любоўю атуляе.
Крыклівае, дабранач, немаўля,
што зь цягам часу стане верным сынам,
дабранач, партызанская мая
лясная старана пад небам сінім.
Як вартаўнік, што дбае ўвішна
пра свой будзённы, сьціплы пост,
у садзе, над маёю вішняй,
дугой узьняўся цуда-мост.
Па небу разьлягаўся спора,
абманваў зьзяньнем мурагі,
нібы шукаў сабе апору,
нібы выгледжваў берагі.
Ён разрастаўся ў паднябесьсі
усё выразьней і ярчэй,
так набірае сілу песьня,
з уздыхам новым – гарачэй!
Яшчэ з акна была я рада
яго зьяўленьне прасачыць,
а ён ужо ля далягляду
гірляндай квеценнай зырчыць.
Ён на вачах яднае пырскі
у пералівістую ніць,
нібыта хоча кедр сібірскі
з маёю вішняй парадніць.
Зьвязаць аднолькавым настроем,
злучыць у пошуме адным
дзьве супрацьлегласьці ў прасторы
спрабуе мост перакідны.
Але, відаць, ня так і проста
дзьве супрацьлегласьці зьяднаць,
дадаўшы вішні тонкай росту, –
у кедра велічы адняць.
Бо праз імгненьне зь пералівам
ён бліскавіцай дагарэў...
А вішня ў сьне стаіць шчасьлівым
і чуе побач кедра сьпеў.
#1
Пастукаў кастрычнік нячутна ў акно,
І восень на прызбу ступіла.
Лугі i лясы яна фарбай адной –
Агнём залатым апаліла.
На ўзгорку – дубы...
Іx далёка відаць!
Штось бабіна лета прарочыць.
На беразе рэчкі бярозы гараць...
А восень далей ужо крочыць!
#2
Лісьце думкамі дзявочымі зьлятае,
Лісьце словамі шапоча пад нагамі.
На азёрным люстры залатая
Восень разыходзіцца кругамі!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Страшна мне спакой зямлі парушыць,
Сёньня я ня плачу, не сумую,
Толькі б зь месца гэтага ня зрушыць,
Толькі б не пазбавіцца спакою.
Цішыня пануе ў маім сэрцы.
Восень клапатліваю рукою
Запрашае да сябе пагрэцца.
Лісьце прад вачыма кружыць, кружыць
Восень золата пад ногі сьцеле,
I да болю сэрца маё сушыць,
I цяпло ўлівае ў маё цела.
Ты мяне ня ведаеш такую –
Ціхую, спакойную на дзіва!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Ўсё жыцьцё да восені хадзіла б!
#3
На дрэвы ўпала пазалота-чырвань,
Глядзіць сьляпое сонца з вышыні!
Зь якой журботай цягнуцца у вырай
Панурыя птушыныя кліны!
Гляджу, гляджу ў блакітнае бяздоньне,
Паветра сьлепіць звонкасьцю сваёй.
Мой голас промнем зіхатлівым тоне,
Вясёлкай восень зьзяе нада мной!
Азвуцца хутка сьнегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме ня рады
у гэты вечар непрыветны.
У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.
Глядзіш адчужана, зласьліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках сьнежаньскіх імкліва
да нас расстаньне пад’язджае.
Адводжу позірк свой маўкліва
i час зацягваю упарта!
З табою не была шчасьлівай,
а безь цябе i жыць ня варта!
Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата...
I пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.